Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Музейная старонка

Пятага лістапада у рамках другога этапа "Раён адчыняе дзверы" абласнога праекта #Мая_Зямля_Прыдняпроўе мы наведалі краязнаўчы музей ДУА «Цялушскі ВПК дз/с – СШ Бабруйскага раёна».

У гэтым цудоўным месцы нас вельмі зацікавілі кросны (ткацкі станок) і калаўрот, якія раней мы бачылі толькі на малюнках. Паслухаўшы вельмі цікавую гісторыю пра гэтыя экспанаты, можам з ўпэўненасцю сказаць, што яны на самай справе могуць з’яўляцца візітнай карткай музея. Зараз мы таксама ўжо можам паведаміць пра гэтыя незвычайныя прылады працы.

Паліна:Ткацтва як рамяство вядома свету з вельмі старажытных часоў. Яго гісторыя пачалася ў перыяд першабытнаабшчыннага ладу ў познім неаліце. Перадумовай для развіцця рамяства стала наяўнасць неабходнай сыравіны. Гісторыя развіцця тканіны – гэта вынік велізарнай працы чалавека. Вынаходкі нашых продкаў сталіасновай традыцыі ткацтва, якая шырока ўжываецца і ў сучасным свеце.

Ткацтва – гэта працэс вытворчасці матэрыі ад выбару пражы да апрацоўкі тканіны, а ў больш вузкім сэнсе – гэта вытворчасць тканіны на ткацкім станку. Існуе ручное і машыннае ткацтва.

Арцём:У часы каменнага стагоддзя для нашых продкаў ўсё пачалося з неабходнасці абараніць сваё цела ад холаду ці спякоты. Першымі матэрыяламі сталі шкуры жывёл і лісце раслін, якія спляталіся ўручную. Лічыцца, што папярэднікам ткацтва было прадзенне. У выглядзе пляцення яно існавала да адкрыцця прадзільных здольнасцяў валокнаў некаторых раслін. Жывёлагадоўля забяспечвала нашых продкаў поўсцю і пухам. Гісторыя распавядае пра тое, што ўжо ў VIII-III стагоддзях да нашай эры чалавецтву былі вядомыя практычныя ўласцівасці лёну і бавоўны.

Паліна:Гісторыя ткацтва пачалася ў Азіі і Старажытным Егіпце, дзе быў вынайдзены ткацкі станок. Ён складаўся з рамы і некалькіх рэек. На іх нацягвалі ніткі асновы, а далей ўручную апляталі іх ніткамі утка (гэта ніткі, якія ідуць папярок тканіны). Гэты прынцып захаваўся і ў сённяшняй ткацкай прамысловасці, але канструкцыя падвергнулася мноству зменаў.

Арцём:Вядомыя два тыпу станкоў: вертыкальны і гарызантальны, які быў вынайдзены значна пазней. Вертыкальныя існуюць у наш час у краінах Усходу і Афрыкі. Яны прызначаны для стварэння дываноў і складаных палотнаў.

Вертыкальны станок ад гарызантальнага адрозніваецца напрамкам тузавання нітак утка. Пры гэтым гарызантальны станок дазваляе зрушваць гатовую матэрыю, дзякуючы чаму з’яўляецца магчымасць вытворчасці бесперапыннай паласы гатовай тканіны.

Паліна:Ткацкія станкі паступова распаўсюджваліся па Еўропе. У гэты час прафесія ткача стала вельмі папулярнай. У XVIII-XIX стагоддзях практычна кожная гаспадыня ўмела ткаць. У той час выкарыстоўваліся натуральныя валокны: лён, воўна, бавоўна, шоўк.

На сённяшні дзень ткацтва стала хутчэй экзотыкай, чым паўсядзённай хатняй працай: даматканыя дываны, фіранкі, абрусы, сурвэткі, прасціны і адзежныя тканіны даўно замянілі прамысловыя аналагі. Сёння далёка не кожная гаспадыня возьмецца за тканае рукадзелле. Аднак рамяство − гэта ўсё яшчэ жывое, а ў некаторых рэгіёнах актыўна адраджаецца і развіваецца. Цэнтры традыцыйнай культуры і многія індывідуальныя майстры праводзяць спецыялізаваныя майстар-класы і выставы лепшых работ. Саматканыя вырабы паспяхова прадаюцца ў спецыялізаваных крамах.

Арцём: Безумоўна, новыя прыстасаванні і сучасныя матэрыялы значна палягчаюць працу ткачых, пры гэтым вырабы захоўваюць яркую, шматколерную гаму і складанасць узораў. Дзякуючы сучасным матэрыялам майстрыхі могуць атрымаць цудоўныя эфекты перапляценняў нітак. Тым не менш ткацтва – складаны і працаёмкі працэс, які патрабуе асаблівай увагі, вытрымкі і цярпення.

Паліна:Прадзенне – гэта ператварэнне валакна ў нітку. Ад таго, як яно будзе спрадзена, у значнай ступені залежала і якасць гатовай тканіны. Пралі, як правіла, восенню і зімой, кожны дзень за выключэннем свят і нядзелі.

Займаліся прадзеннем толькі жанчыны. Вучыць дзяўчынак прадзенню пачыналі прыкладна з сямігадоў. Прычым ім давяралі толькі нізкаякаснае валакно. Прыладамі працы для прадзення былі прасніца, верацяно, калаўрот. Да ХІХ стагоддзя больш пашырана было прадзенне на верацяне. З ХІХ стагоддзя верацяно было выцеснена калаўротам. Для звівання пражы ў маткі служылі матавілы.

Арцём: Калаўрот (самапрадка) − прылада для механізаванага прадзення лёну і воўнны ў хатніх умовах. На Беларусі вядомы два тыпы: калаўрот-стаяк і калаўрот-ляжак. Абодва тыпы мелі аднолькавыя рабочыя часткі: кола, педаль (шатун, ківач), якой кола прыводзілася ў рух, і прадзільны апарат. Апошні складаўся са стрыжня і размешчанай на ім шпулькі для намотвання пражы і маленькіх калёсікаў, злучаных пры дапамозе шнуроў з вялікім колам.                   У калаўроце-стаяку кола знаходзілася паміж дзвюма вертыкальнымі стойкамі пад прадзільным апаратам, у калаўроце-лежаку − збоку ад прадзільнага апарата. На Беларусі калаўроты з’явіліся ў XVIстагоддзі на мануфактурных прадпрыемствах. У сялянскім побыце выкарыстоўваюцца з сярэдзіны XIXстагоддзя, асабліва ў раёнах інтэнсіўнага льнаводства, а на Паўднёвай Беларусі пераважала прадзенне пры дапамозе верацяна. 

Паліна:Нашы продкі выраблялі не толькі рэчы неабходныя ва ўжыванні, а і рабілі іх вельмі прыгожымі.

Арцём:Саматканыя налаўнікі, ручнікі, сурвэткі, посцілкі, вытканыя з любоўю і пяшчотай рукамі жанчыны – непаўторны і прыгожы скарб, які застаўся ад нашых продкаў.

                    ДУА “Глушанскі вучэбна-педагагічны комплекс

                               дзіцячы сад – сярэдняя школа Бабруйскага раёна”

                               Балашоў Арцём, 3 клас і Пархімчык Паліна, 2 клас

 

У краязнаўчым музеі ДУА «Цялушскі ВПК дз/с – СШ Бабруйскага раёна» вельмі шмат экспанатаў, якія могуць быць візітнай карткай.У гэтым музеі сабраны і прылады працы, і прадметы хатняга ўжытку нашых продкаў. Вельмі цікава было слухаць пра гісторыю стварэння розных экспанатаў, пра тое, з якога матэрыялу яны зроблены, хто ў той час займаўся гэтымі вырабамі, якую каштоўнасць яны займалі на той момант. Шмат чаго цікавага мы не ведаем пра розныя экспанаты, якімі ў той час штодзённа карысталіся нашы продкі. І таму сёння я з гонарам магу певедаміць пра незвычайны абутак нашых продкаў.

Яшчэ ў 1868 годзе Сцяпан Пятровіч Ярэміч сказаў: «Ніякі аксаміт і атлас не дасць назе такога пачуцця мяккасці, цеплыні, прасторы і пяшчоты, якую яна адчувае ў лапцях».

Назва «лапаць» паходзіць ад праславянскага кораня «лапт» – нага. Лапці

– лёгкі будзённы абутак (традыцыйны сялянскі абутак). 

Існуе шмат розных відаў пляцення лапцяў. Іх плялі з пяньковых і льняных аборак, ліпавага ці лазовага лыка, бяросты, або шылі са скуры – сырамяці.

Скураныя лапці – пасталы ці поршні – рабілі з двух кавалкаў сырамяці, сшытых па перыферыі падэшвы.

З плеценых найбольш прыстойна выглядалі лапці-пахлапні, якія рабіліся

з глыбокімі круглымі насамі, высокімі запяткамі, кароткімі, ледзь прыкметнымі петлямі для раменьчыкаў.

Лапці насілі летам з ільнянымі, а зімой з шарсцянымі анучкамі, якімі акуратна агортвалі нагу амаль да калена і сіметрычна фіксавалі аборкамі ці рамянямі (даўжынёй да 3 метраў), што прапускаліся праз вушкі лапцей.

Лапці мелі не толькі практычнае, але і абрадавае значэнне. Асобымі магічнымі функцыямі ў народных павер’ях надзяляліся старыя «бывалыя» лапці. Іх вывешвалі на хлявах, загародках і курыных гняздоўях, дзеля яйцаноскасці. Імі акурвалі карову пасля ацёлу. Іх выкарыстоўвалі на наваселлі, «заманьваючы» дамавіка ў новую хату.

Уся беларуская вёска круглы год хадзіла ў лапцях.

Здаецца, што складанага нясе ў сабе тэма гісторыі лапця? А між тым,нават дакладны час з’яўлення лапцяў у жыцці нашых продкаў невядомы і па

сённяшні дзень.

Прынята лічыць, што лапці – адзін з самых старажытных відаў абутку. Ва ўсякім разе, касцяныя гаплікі для пляцення лапцяў археолагі знаходзяць нават на неалітычных стаянках. Можна меркаваць, што ўжо ў каменным стагоддзі людзі, магчыма, плялі абутак з раслінных валокнаў. Лапці былі распаўсюджаныя таксама ў рускіх, татараў, украінцаў, карэлаў, фінаў, чувашоў і іншых народаў.

Было яшчэ шмат розных відаў лапцей: маляваныя, плеценыя з лыка ядронага, сувенірныя для інтэр’еру кватэрнага і г.д.

Даўней нездарма казалі: «Ударогу ісці – 5 пар лапцяў сплясці». Пра лапці складзена шмат прыказак, прымавак, жартоўных прыпевак.

Вось, напрыклад: «Лапці плесці – не вуліцу месці».

У народзе лапці выслаўлялі, нават назвы ім давалі розныя, напрыклад: «шаптуны», «курпы», «крутцы». На гулянні і ў святы вясковыя дзяўчатыабувалі маляванкі з белага і ружовага вязанага лыка або тканіны.

У кожнай вобласці звычайна плялі нейкі адзін від лапцяў. Напрыклад, на Віцебшчыне, часткова Магілёўшчыне плялі шчарбакі неглыбокія (амаль адна падэшва) лапці без галовак (замест іх спераду былі дзве шырокія лыкавыя пятлі) і запятак, з кожнага боку — пара вузкіх петляў (заборнікі) для прадзявання абор. Шчарбакі насілі пераважна ўлетку на палявых работах.

На Палессі, поўдні Гродзеншчыны і Міншчыны бытавалі так званыя зрачыя лапці,у якіх насок пасярэдзіне зверху быў адкрыты — «вока» (яго стварала адсутнасць пярэдняга вушка — стракі).

Выраб лапцей быў пераважна мужчынскім заняткам (іх плялі ў вольны ад работы час, у зімовыя вечары і інш.). Лапці насілі мужчыны і жанчыны, дарослыя і дзеці на працягу ўсяго года. Дробная шляхта замест ануч ужывала шарсцяныя панчохі.

Не ўсе цікавяцца гісторыяй жыцця нашых продкаў у далёкі час, але ж гэта наша мінуўшчына, і ведаць яе мы павінны абавязкова.

                               ДУА “Глушанскі вучэбна-педагагічны комплекс

дзіцячы сад – сярэдняя школа Бабруйскага раёна”

                                             Пархімчык Паліна, 2 клас

 

 

 

 

Разделы сайта